ТКАНІ́НА ТЭКСТЫ́ЛЬНАЯ,
выраб, атрыманы ў працэсе ткацтва перапляценнем нітак — падоўжных (аснова) і папярочных (уток); найб. пашыраны выраб тэкстыльнай прамысловасці.
Вырабляецца на ткацкіх станках. Знятая з ткацкага станка тканіна. наз. суравізнай. Яна становіцца гатовай для выкарыстання пасля адбельвання, фарбавання, спец. прамочвання (напр., апрэтавання, мерсерызацыі) і інш. відаў апрацоўкі. Таўшчыня Т.т. — 0,1—5 мм, шырыня — 0,4—1,5 м (тканіны шырынёй да 0,4 м наз. стужкамі). Т.т. падзяляюць на аднародныя (з аднаго віду валокнаў — баваўняная тканіна, ільняная тканіна, шарсцяная тканіна, шаўковая тканіна), мяшаныя (з нітак, атрыманых з некалькіх відаў валокнаў), неаднародныя (з розных нітак). Вырабляюць тканіны з гладкай паверхняй і з ворсам (гл. Ворсавая тканіна), стракатыя (з рознакаляровых нітак) і меланжавыя (гл. ў арт. Меланж), гладкафарбаваныя (афарбаваныя ў адзін колер) і набіўныя (з друкаваным узорам на добрым баку; гл. Друкаванне тканін), адна- і мнагаслойныя. Выкарыстоўваюць у быце (Т.т. бытавога прызначэння — бялізнавыя, адзежныя, дэкаратыўныя і інш.) і тэхніцы (гл. Тэхнічная тканіна).
т. 15, с. 470
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)